СЕ́НСАРНЫ ПЕРАКЛЮЧА́ЛЬНІК,

бескантактны пераключальнік, які спрацоўвае пры датыканні аператара да спец. адчувальнай (сенсарнай; ад лац. sensus адчуванне) пляцоўкі. Вырабляецца на аснове паўправадніковых, оптаэлектронных і інш. прылад.

Найб. просты С.п. электраметрычнага тыпу, прынцып дзеяння якога грунтуецца на здольнасці скуры чалавека праводзіць эл. ток. Сенсарная пляцоўка пераключальніка мае 2 ізаляваныя адна ад адной палавінкі; пасля датыкання аператарам да гэтай пляцоўкі ланцуг замыкаецца і атрыманы эл. сігнал пасля ўзмацнення перадаецца на блок пераключэння. Выкарыстоўваецца ў прыладах уводу інфармацыі, радыёэлектроннай і інш. апаратуры.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)